Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных

03.10.2023 Культура

На працягу чатырох дзён, з 6 па 9 кастрычніка, у Варшаве адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Гэта будзе вельмі насычаная праграма з літаратурнымі імпрэзамі, выставай пераможцаў конкурсу ART PRADMOVA і нават тэатральнымі паказамі — убачым спектаклі «Плошча Перамогі» па аднайменным рамане Альгерда Бахарэвіча і «Ціхары» паводле Сашы Філіпенкі. А на фестывальным канцэрце выступяць Iva Sativa, Сяржук Доўгушаў, Пётр Клюеў, NAVIBAND Lіuty sakavik.


PRADMOVA ў Варшаве запросіць на сустрэчы з літаратарамі, прэзентацыі арыгінальных і перакладных кніг, дыскусіі па гісторыі, філасофіі і мастацтве, публічныя лекцыі.

Каго ўбачым і пачуем?

На фестываль прыедуць Альгерд Бахарэвіч, Наста Кудасава, Святлана Курс (Ева Вежнавец), Уладзімір Някляеў, Дзмітрый Строцаў, Саша Філіпенка, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева і іншыя пісьменнікі і паэты. У тэатральнай дыскусіі возьмуць удзел рэжысёры Аляксандр Гарцуеў і Юра Дзівакоў. Філосафы і інтэлектуалы — таксама ў праграме. Гэта Павел Баркоўскі, Андрэй Дудко, Максім Жбанкоў, Славамір Серакоўскі і многія іншыя.

Pradmova-Varshava.jpg

Што, дзе і калі

Падрабязную праграму фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Варшаве можна паглядзець тут.

Уваход на ўсе фестывальныя падзеі вольны, але на некаторыя імпрэзы спатрэбіцца абавязковая рэгістрацыя. 

Адрас правядзення: Музей вольнай Беларусі, ul. Foksal, 11

Чытайце яшчэ: «Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023